Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
25 чэрвеня 2019

Адзін дурны ўчынак - сто праблем

Пажары ў прыродных экасістэмах — менавіта гэтая тэма стала падставай для брыфінгу, што на мінулым тыдні сабраў у будынку райвыканкама прадстаўнікоў арганізацый раёна і СМІ.

З пачатку года на Жыткаўшчыне адбылося 20 узгаранняў, якія адносяцца да гэтай катэгорыі. Лес, тарфяныя палі — у такіх месцах часцей за ўсё здараюцца ўзгаранні. Асноўная прычына — чалавечы фактар. Статыстыка паказвае, што толькі 20% пажараў у экасістэмах прыпадаюць на долю навальнічных разрадаў, самазагарання тарфяной крошкі, сельскагаспадарчых выпальванняў. Астатняе — халатнасць і безадказнасць людзей.

— У нашым раёне з году ў год праводзяцца маштабныя прафілактычныя работы на гэты конт, задзейнічаны сілы і сродкі дваццаці пяці арганізацый, — канстатаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, які выступіў у ролі дакладчыка. — Супрацоўнікамі розных службаў праводзяцца пастаянныя маніторынгі і рэйды на тэрыторыі ўсяго раёна, устаноўлена мноства фотапастак, месцы масавага збору людзей абсталяваны нагляднай супрацьпажарнай агітацыяй. Маштабную працу ў гэтым кірунку ажыццяўляюць ДЛГУ «Жыткавіцкі лясгас», КУП «Жыткавіцкі камунальнік», мясцовыя ДЭУ і іншыя.

Як адзначыў прадстаўнік РАНС старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання ДШС і ГА Валянцін Рай, ратавальнікамі за мінулы перыяд 2019-га праведзена больш за 370 гутарак у працоўных калектывах і навучальных установах. І ўсе пералічаныя метады, мяркуючы па лічбах, дзейнічаюць. У мінулым годзе выпадкаў узнікнення агню ў экасістэмах назіралася ў два разы больш.

— Вядома, службы раёна робяць усё, каб пазбегнуць агню, аднак кожны грамадзянін павінен уносіць свой уклад у агульную добрую справу. Многія пакідаюць, да прыкладу, пасля пікніка смецце ў лясах, а парой і не тушаць вогнішча, не ўсведамляючы, да якіх наступстваў можа прывесці звычайная лянота, — лічыць Валянцін Рай — Узгаранні ў экасістэмах небяспечныя хуткасцю распаўсюджвання і шырокімі плошчамі захопу. Прыродныя пажары знішчаюць лясное багацце, а ў шэрагу сітуацый падступаюць да жылых і вытворчых масіваў. Большасць выпадкаў узгарання можна прадухіліць, варта проста не забываць аб акуратнасці і памятаць, што адзін дурны ўчынак можа пазбавіць жыцця не толькі жывёл, але і людзей.

Дзіяна ЧОРНАЯ


Да спіса навін