Новае Палессе
Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
247960 г. Жыткавічы,
вул. Энгельса, 3
Тэлефон / факс прыёмнай:
(8-02353) 5-00-02

E-mail: isp@zhitkovichi.gov.by

Райвыканкам
Галоўная Навіны Навіны раёна

Навіны раёна

17 студзеня 2022

“КНІГА Ў ДАР: ДОБРАЯ СПРАВА АД ШЧЫРАГА СЭРЦА”

Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб’явіла аб правядзенні міжнароднай акцыі “Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца”.

Абласная пісьменніцкая арганізацыя на працягу апошняга дзесяцігоддзя пастаянна звярталася да нераўнадушных людзей, якія маюць рэдкія для сённяшняга дня рысы характару – умеюць дарыць іншым радасць ад сустрэчы з добрай кнігай і робяць гэта абсалютна дабравольна, па клічу душы. Перададзеныя ў абласную пісьменніцкую арганізацыю пісьменнікамі і звычайнымі людзьмі кнігі, як новыя, так і карыстаныя, у сваю чаргу, перадаваліся ў аддаленыя ад буйных цэнтраў вясковыя, ведамасныя бібліятэкі розных устаноў для папаўнення іх кніжных фондаў. З такой жа мэтай штогод праходзіць на Гомельшчыне і акцыя па зборы праваслаўных выданняў, якая ажыццяўляецца сумесна  аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскай епархіяй. У гэтым годзе абласная пісьменніцкая арганізацыя таксама не адмовілася ад усталяванай вельмі добрай традыцыі.

–                 Сёлета на Гомельшчыне адбудзецца шмат літаратурных падзей, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага характару: у першыя выхадныя верасня XXIX Дзень беларускага пісьменства прыме старажытны Добруш, а яму будуць папярэднічаць XХVII Міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” ў Гомелі і IV рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” у Жыткавічах, Тураве і Мазыры, – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. – Абласная пісьменніцкая суполка ў ліку запланаваных шматлікіх творчых мерапрыемстваў, акцый, літаратурных конкурсаў, якія будуць праводзіцца на працягу года і непасрэдна ў час гэтых значных культурных падзей як у жыцці краіны, так і, безумоўна, Гомельшчыны, пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і сваіх партнёраў – абласных і краявых арганізацый Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза пісьменннікаў Украіны, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, вырашыла правесці міжнародную акцыю “Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца”.

Сутнасць яе заключаецца ў тым, як адзначыў суразмоўца,  каб сучасныя літаратары Беларусі, Расіі і Украіны (дарэчы, далучыцца могуць, і літаратары іншых краін) зрабілі персанальны кніжны падарунак з аўтографам-пажаданнем адразу двум цэнтралізаваным бібліятэчным сістэмам рэгіёна – Добрушскай(Добруш – сталіца чарговага Дня беларускага пісьменства), а таксама Жыткавіцкай (месца традыцыйнага правядзення літаратурнага фестываля “На зямлі Кірылы Тураўскага”; менавіта ў старажытным Тураве, на Жыткаўшчыне, нарадзіўся агульнаславянскі і беларускі  асветнік, пісьменнік Кірыла Тураўскі).

–                 Зараз мастацкія кнігі каштуюць дорага, таму не кожны з нас мае магчымасць іх набываць у краме, а чытацкі інтарэс да навінак паэзіі, прозы, літаратурнага краязнаўства і іншых мастацкіх найперш жанраў пачынае значна ўзрастаць. На жаль, асабліва ў рэгіёнах, у сельскіх бібліятэках, кніжныя фонды  не дастаткова хутка аднаўляюцца, – зазначае Уладзімір Гаўрыловіч. – Таму мы і вырашылі звярнуцца да ўсіх нераўнадушных пісьменнікаў нашай краіны і нашых сяброў па пяру з іншых краін зрабіць у 2022 годзе самы найлепшы падарунак палескім чытачам – падараваць Жыткавіцкай і Добрушскай цэнтральным раённым бібліятэкам і, адпаведна, іх філіялам, свае новыя творы з цёплым аўтографам-пажаданнем.

Дарэчы, пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны гэтаксама ажыццяўляе збор кніг на рускай мове народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа (пажадана з арыгінальнымі прыжыццёвымі аўтографамі самога аўтара) для папаўнення фондаў Пятрушынскай муніцыпальнай бібліятэкі імя І.П.Мележа Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці і размешчанага на яе базе этнаграфічна-мемарыяльнага пакоя класіка беларускай літаратуры (быў адкрыты намаганнямі гомельскіх і растоўскіх пісьменнікаў, музейных работнікаў-хайнічан у дзень 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі ў 2021 годзе).

Як плануецца, сабраныя Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выданні (аўтарам, якія пражываюць у сталіцы, кніжныя падарункі бібліятэкам Гомельшчыны можна пакінуць непасрэдна ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі для Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, з іншых абласцей перадаць любому актывісту Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” альбо пераслаць па пошце на адрас Гомельскага аддзялення: 246028, г. Гомель, вул. Савецкая, 126, офіс 400) будуць урачыста перададзены бібліятэчным установам у час правядзення фестываляў і свят у верасні 2022 года.

Зараней выказваем падзяку ўсім пісьменнікам Беларусі і замежжа за ўдзел у міжнароднай акцыі!

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”.


Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Рэспубліка Беларусь

Інтэрнэт-рэсурсы