Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
30 красавіка 2021

Яго жыццё – медыцына 


Едучы ў Жыткавічы па накіраванні, малады доктар Канстанцін Грамак нават не ўяўляў, як выглядае  згаданае паселішча і дзе яно знаходзіцца. Было гэта ў 1979 годзе. Але так атрымалася, што палескі гарадок для яго стаў другой радзімай.
З кватэрай дапамог аднакурснік, які папрасіў бацькоў прытуліць спецыяліста. А раніцай ён быў ужо на працы – урач-фтызіятр без скідак на стомленасць прымаў хворых у тубаддзяленні. Праз год ён узначаліў гэтае структурнае падраздзяленне раённай бальніцы. Кар’ера ішла ўгару, і ў 1985-ым Канстанцін Сяргеевіч становіцца  кіраўніком Жыткавіцкай ЦРБ.
Грамак нібы прадчуваў, што за свой лёс яму давядзецца зрабіць шмат карысных спраў. Таму заўсёды прыспешваў падзеі. На год раней пайшоў у школу, быў самым юным студэнтам у сваёй групе Гродзенскага медінстытута, стаў самым маладым галоўным урачом раённай бальніцы на Гомельшчыне.
Ён нарадзіўся на Навагрудчыне, быў старэйшым  дзіцём у сям’і. Таму добра ведае, што такое сялянская праца, бо амаль усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляжалі на яго плячах. Але менавіта ад іх гартаваўся характар, прыходзіла разуменне, што толькі стараннем і самааддачай можна дабіцца нечага значнага ў жыцці, прыносіць дабро людзям. Таму імкнуўся быць ва ўсім першым. Памяць надзейна захавала выпадак, як асвойваў пасля беларускамоўнай школы за два месяцы рускую, каб атрымаць сярэднюю адукацыю ў Навагрудку. Выдатна вытрымаў і экзамены ў ВНУ, хаця конкурсы на тую пару былі нежартоўныя.
Усё жыццё Грамака цесна пераплецена з медыцынскай галіной нашага рэгіёна. За перыяд яго кіравання, а гэта без малога тры дзясяткі гадоў, сфера аховы здароўя зрабіла значны крок у сваім развіцці. Будаваліся новыя ўстановы, прычым такія буйныя як паліклініка, неўралагічнае аддзяленне, Ленінская бальніца і іншыя. Пастаянна вяліся рамонты ў вясковых лякарнях. Яны забяспечваліся сучасным абсталяваннем, што спрыяла якасці лячэння і прафілактыцы захворванняў. Акрамя гэтых гаспадарчых клопатаў, галоўнаму ўрачу даводзілася арганізоўваць і нацэльваць на работу даволі вялікі калектыў. За перыяд стваральнай дзейнасці у калег і жыхароў раёна аб Канстанціну Сяргеевічу склаліся самыя добрыя ўражанні. Менавіта ўласнай працаздольнасцю ён заслужыў вялікі аўтарытэт. Ганаровае званне “Выдатнік аховы здароўя Беларусі” яскрава сведчыць аб яго кампетэнтнасці, прафесіяналізме і вернасці абранай справе. І ў 65 гадоў Канстанцін Грамак не страціў гэтых якасцей. Ён працягвае лячыць пацыентаў. Праяўляе актыўнасць і ў грамадскай дзейнасці – з’яўляецца членам раённага савета ветэранаў. Таму і зразумела, што аказаць пашану чалавеку з нагоды яго юбілейнай даты ў гарадскі Цэнтр культуры прыйшло шмат гасцей. У адрас імянінніка цёплыя віншаванні і пажаданні выказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі, старшыня ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч, галоўны ўрач Жыткавіцкай ЦРБ Людміла Катлярчук, прафсаюзны лідар медработнікаў Мікалай Бабенка і іншыя.  А самадзейныя артысты падаравалі віноўніку свята музычныя нумары. Што і казаць, па добрых справах і належная пашана. Канстанцін Сяргеевіч яе заслужыў па праву.
Сяргей Белка

Да спіса навін