Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
27 студзеня 2022

Матэрыяльная база КСУПа «Чырвоны Бор» прырасла на адзін буйны аб’ект

Матэрыяльная база КСУПа «Чырвоны Бор» летась прырасла яшчэ на адзін буйны жывёлагадоўчы аб’ект. У гаспадарцы здалі ў эксплуатацыю цэх для ўтрымання і раздою цялушак з малочным блокам.

На ўзвядзенне фермы патрацілі прыкладна два мільёны 700 тысяч рублёў. Неабходнасць у такім аб’екце для гаспадаркі была надзвычай вялікая. Менавіта ў тэхналагічным ланцугу вытворчасці малака не хапала такога памяшкання.  І гэта не лепшым чынам адбівалася на паказчыках мясцовых жывёлаводаў.

– Цяпер у нас усё кардынальна памянялася, – расказвае брыгадзір МТК «Адкорм» Святлана Саўчыц. – Новае памяшканне практычна поўнасцю запоўнена пагалоўем кароў і цялушак. Яны тут утрымліваюцца ўвесь сухастойны перыяд і падчас раздою. Гэта дазваляе нам наладзіць і належнае кармленне жывёлы, і ветэрынарны агляд, і іншыя неабходныя працэсы.

З асноўных зручнасцей Святлана Міхайлаўна назвала і поўную механізацыю вытворчых аперацый: раздача кармоў, гноевыдаленне. Значна лепей у такіх умовах адчувае сябе і жывёла, што станоўча адбіваецца на яе фізіялагічным стане. Ды і даіць кароў у ДМБ намнога лягчэй, чым па-старынцы ў малакаправод.

На сучаснай ферме працуе пяць работнікаў. Для іх створаны добрыя ўмовы. У памяшканні прадугледжаны пакой для адпачынку і пераапранання, душавая.  У вытворчых залах цяпло і ўтульна. Несумненна,  і гэта таксама спрыяе плённай рабоце. Жывёлаводы гаспадаркі менавіта і нацэлены, каб пераламіць склаўшаеся становішча ў галіне. Наколькі гэта атрымаецца, пакажа час. Мясцовыя працаўнікі ўпэўнены, што патрачаныя грошы не марная трата, а добрае капіталаўкладанне, якое прынясе належную аддачу.

Сяргей Белка


Да спіса навін