Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
1 чэрвеня 2021

Завод па вытворчасці кардону ў Добрушы ўведзены ў эксплуатацыю


1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы завод па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў шматслойнага кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы" ўведзены ў эксплуатацыю, там ужо атрыманы першы трохслойны чыстацэлюлозны кардон, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе "Беллеспаперапрама".
"Учора, 31 мая, адпаведная камісія падпісала акт прыёмкі абсталявання пасля комплекснага апрабавання. Сёння, 1 чэрвеня, ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Беларускія шпалеры", філіялам якога з'яўляецца добрушская фабрыка, падпісала загад аб уводзе аб'екта ў эксплуатацыю. Цяпер праводзіцца стабілізацыя тэхналагічных рэжымаў і абсталявання з выхадам на якасныя паказчыкі гатовай прадукцыі", - расказалі ў прэс-службе.
Пабудаваны завод будзе выпускаць абсалютна новы прадукт для Беларусі. Мелаваныя і немелаваныя віды шматслойнага кардону запатрабаваны ў вытворцаў упакоўкі. Іх выкарыстоўваюць, напрыклад, для ўпакоўкі лекавых прэпаратаў, касметыкі, цыгарэт, шматлікіх прадуктаў харчавання, а таксама ў паліграфіі. "З'яўленне ўласнай вытворчасці такога кардону ў Беларусі адкрывае новыя магчымасці для развіцця прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці ўпакоўкі і паліграфічнай прадукцыі. Будуць вырашаны пытанні імпартазамяшчэння, а таксама значна павялічыцца экспартны патэнцыял цэлюлозна-папяровай галіны краіны", - адзначылі ў "Беллеспаперапраме".
Праектныя магутнасці завода складаюць каля 200 тыс. т кардону ў год. Для задавальнення патрэбнасцей унутранага рынку ў Беларусі будзе рэалізоўвацца каля 20 працэнтаў вырабленага кардону, асноўны аб'ём прадукцыі будзе прыносіць экспартную выручку. Сыравінай для вытворчасці кардону будуць цэлюлоза і драўніна асіны і бярозы. На рэалізацыю праекта накіравана каля $350 млн, асноўная частка - крэдытныя рэсурсы. Выхад на поўную праектную магутнасць плануецца ў 2022 годзе.
"Раней цэлюлозна-папяровая прамысловасць Беларусі характарызавалася абмежаванасцю асартыменту выпускаемай прадукцыі, што выраблялася ў асноўным з макулатурнай сыравіны. Асноўнымі прычынамі гэтага былі нізкі тэхнічны ўзровень абсталявання і залежнасць ад імпарту, напрыклад, беленай цэлюлозы. Сёння ж дзякуючы мадэрнізацыі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў гэта галіна з'яўляецца драйверам росту ўсёй дрэваапрацоўкі. За апошнія пяць гадоў прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прамысловасці павялічылі аб'ёмы вытворчасці ў 2,6 раза, экспарт - амаль у 2 разы", - звярнулі ўвагу ў прэс-службе.
Інвестыцыі, накіраваныя на мадэрнізацыю цэлюлозна-папяровых магутнасцей у краіне, прыносяць эфект ужо. У бліжэйшай перспектыве, як прадугледжана дзяржпраграмай "Беларускі лес", гэта галіна прадоўжыць рост. Вытворчасць паперы і кардону ў натуральным выражэнні павялічыцца ў 2,1 раза, цэлюлозы - у 1,7. Экспарт цэлюлозна-папяровай прадукцыі вырасце амаль у 3 разы - да $580 млн (гэта сума амаль роўная цяперашняму аб'ёму экспарту ў цэлым па канцэрне). Больш як у 1,2 раза знізіцца імпарт.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса навін